Якой шчаслівай можа быць старасць

Preview:

DESCRIPTION

Уражанні гарадзенцаў ад наведвання Ўніверсітэту Трэцяга Веку ва Ўроцлаве (Wroclaw, Polska)

Citation preview

Якой шчаслівай можа быць старасць У сакавіку 2010 г. група беларусаў з Гродна наведала польскі горад Уроцлаў, дзе ў складзе

тамтэйшага дзяржаўнага ўніверсітэту дзейнічае адзін з найстарэйшых у Еўропе і вельмі

аўтарытэтны ў Польшчы Ўніверсітэт Трэцяга веку.

Нашай мэтай было азнаямленне з яго структурай і дзейнасцю, каб пасля нешта падобнае

стварыць у сябе. Польскаму боку ёсць што паказаць. Таму праграма была надзвычай

насычанай.

Штодзень - лекцыі, семінары, прэзентацыі. І ўсе, з кім мы сустракаліся, шчыра і шчодра

дзяліліся сваім вопытам, карыснай інфармацыяй.

Разам са слухачамі Ўніверсітэту Трэцяга веку мы вучыліся трэніраваць цела і памяць,

правільна харчавацца.

Сябры турыстычнай секцыі правялі незабыўную экскурсію па старажытным Уроцлаве.

Нас цёпла прымалі ў секцыях народнай творчасці і выяўленчага мастацтва.

А хор пенсіянераў настолькі зачараваў нас сваім майстэрствам і польскай песняй, што нам

захацелася аддзячыць і паспяваць сваё, беларускае, хоць да гэтага большасць з нас ніколі

на публіку не спявалі.

Пад беларускую «Купалінку» сёй-той змахваў няпрошаную слязу. Гэтак жа расчулі нас у

выкананні хору «Польскія квяты». Дарэчы, і гэтая даравальная сентыментальнасць, і

непрытворны патрыятызм, і гасціннасць, здалося нам, робяць палякаў і беларусаў вельмі

падобнымі – нездарма мы блізкія суседзі.

Уразіла асяроддзе, у якім правяла нашая група пяць дзён на польскай зямлі.

Сустракаліся і кантактавалі найбольш з людзьмі сталымі, іншым ужо пад 80 і нават больш

гадоў. Але на ўзрост забываешся, калі бачыш добра апранутых дагледжаных кабет,

падцягнутых мужчын. Бадзёрасць і аптымізм, усмешкі на тварах, бляск у вачах…

Хочаш – не хочаш, мусіш паверыць, што пасля 60-ці жыццё і сапраўды толькі

пачынаецца.

А чаму не? Нарэшце атрымліваеш шанец рэалізаваць дагэтуль прыхаваныя здольнасці,

аддацца любімай справе, на якую раней не меў часу, або падарожнічаць з сябрамі…

Шчаслівая старасць - галоўная ідэя ўніверсітэтаў трэцяга веку, якіх толькі ва Ўроцлаве, як

мы даведаліся, ужо сем.

Шчаслівая - значыць, годная, фізічна, інтэлектуальна і сацыяльна актыўная.

Такая старасць, калі ты не выключаны з жыцця, не застаўся сам-насам з хваробамі,

адзінотай, дэпрэсіяй, а гэта пагражае кожнаму, хто скончыў сваю кар’еру і адпраўляецца

на пенсію.

Стасункі з польскімі пенсіянерамі пераканалі, што ўніверсітэты накшталт таго, з

дзейнасцю якога мы пазнаёміліся, ламаюць стэрэатыпы старасці, вымушаюць слухачоў да

самаўдасканалення і ў рэшце рэшт робяць іх жыццё больш якасным і паўнакроўным.

Вядома ж, захацелася адкрыць новыя магчымасці нашым суайчыннікам.

Натхнёныя польскімі сябрамі, мы вярталіся ў Гродна з цвёрдым намерам арганізаваць

свой універсітэт сталага, ці, як у нас кажуць, залатога веку. Ідэя знайшла падтрымку ў

асяроддзі беларускіх пенсіянераў. І праца над праектам ужо распачалася!

Шчыра дзякуем за дапамогу польскім каардынатарам, а таксама ўсім-усім, хто клапатліва і цёпла апякаў нас ва Ўроцлаве.

Арганізатарамі візіту ва Ўроцлаў былі грамадскія аб'яднанні "Цэнтр "Трэці сектар" (Гродна), "Дом сустрэч імя Ангеліўса Сілезіўса" (Уроцлаў), а таксама Універсітэт Трэцяга Веку пры Уроцлаўскім універсітэце.

Галіна Стома

Фотаздымкі Ланы Руднік

Recommended